Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Ньюфаўндленд

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Ньюфаўндленд)
Ньюфаўндленд
англ. Newfoundland, фр. Terre-Neuve, мікмак: Taqamkuk
Скалісты бераг Ньюфаўндленда
Скалісты бераг Ньюфаўндленда
Характарыстыкі
Плошча111 390 км²
Найвышэйшы пункт814 м
Насельніцтва479 105 чал. (2006)
Шчыльнасць насельніцтва4,3 чал./км²
Размяшчэнне
48°33′59″ пн. ш. 55°46′38″ з. д.HGЯO
АкваторыяАтлантычны акіян
Краіна
ПравінцыяНьюфаўндленд і Лабрадор
Ньюфаўндленд (Канада)
Ньюфаўндленд
Ньюфаўндленд
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ньюфа́ўндленд (англ.: Newfoundland, МФА: [nufənˈlænd] Нуфанлэ́нд) — востраў ля паўночна-ўсходніх берагоў Паўночнай Амерыкі, частка канадскай правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор.

Плошча — 111 390 км². Насельніцтва — 479 105 чал. (2006). Найбуйнейшы горад — Сент-Джонс (100 646 чал.).

Карта

Востраў Ньюфаўндленд месціцца на паўночным захадзе Атлантычнага акіяна, аддзяляе яго ад заліва Святога Лаўрэнція. Займае 16ае месца па плошчы ў свеце і 4ае ў Канадзе. Даўжыня берагавой лініі — 9 656 км.

Востраў Ньюфаўндленд сфарміраваўся ў выніку складаных геалагічных працэсаў. Прынята вылучаць 3 асноўныя геалагічныя зоны рознага паходжання[1]:

Стварэнне сушы суправаджалася інтэнсіўнымі вулканічнымі працэсамі. Значную ролю ў стварэнні сучасных ландшафтаў вострава адыгралі старажытныя ледавікі. Аледзяненні пачаліся прыкладна 2 млн гадоў таму. Пік апошняга здарыўся 18 000 гадоў таму. Старажытныя ледавікі згладжвалі і паліравалі шырокія вобласці, размывалі азёрныя басейны, праразалі глыбокія даліны. Тыя даліны, што ўтварыліся ўздоўж берагоў, пазней былі затоплены морам і ператварыліся ў фіёрды. Падчас раставання ледавікоў з іх вызваляліся масы пяску, гліны, друзу. Істотныя геалагічныя змены адбываюцца і ў нашы дні. Так, выяўлена, што берагі Ньюфаўндленда паступова паніжаюцца[2].

Для пейзажаў вострава характэрны невысокія горы, што з’яўляюцца працягам Апалачаў. На захадзе яны скалістыя, з вялізарнымі адколатымі кавалкамі горных парод уздоўж схілаў. Тут знаходзіцца найвышэйшая гара Кабакс (814 м). На поўдні вылучаецца плато Ігл. Берагі часткова скалістыя, часткова роўныя з доўгімі далінамі і марскімі пясчанымі водмелямі. Стэпавыя раўніны — асаблівасць усходняй вобласці. Шматлікія кароткія рэкі і азёры ствараюць забалочаныя нізіны. Уздоўж узбярэжжа месцяцца астравы Сен-П’ер і Мікелон, Мерашын, Бэл, Фога і г. д.

Карысныя выкапні вострава Ньюфаўндленд[3]: гіпс, азбест, слюда, кальцыт, пірыт, жалеза, медзь, золата, срэбра, цынк, свінец, вугаль і інш. На шэльфе здабываюць нафту.

Клімат мяккі вільготны[4]. Сярэдняя летняя тэмпература — 18 °C. Узімку яна трымаецца каля 0 °C. Надвор’е вельмі зменлівае. На востраве Ньюфаўндленд назіраецца самая вялікая колькасць туманных дзён на ўзроўні мора — у сярэднім больш за 120 у год[5]

Востраў Ньюфаўндленд уключае некалькі экалагічных рэгіёнаў[6]:

  • Цэнтральны Ньюфаўндленд займае значную тэрыторыю. Ён адметны найбольшым ваганнем сярэдніх тэмператур ад 12 °C улетку да −3,5 °C узімку. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 1000 мм да 1300 мм. Рэльеф даволі складаны: узвышшы чаргуюцца з далінамі і пласкагор’ямі, шмат скал і камянёў. У Цэнтральным Ньюфаўндлендзе пераважаюць піхтавыя і яловыя лясы, на схілах узвышшаў — зараснікі асіна, у забалочаных мясцінах — карлікавых елак, лістоўніц і верасу, на камяністых глебах — разнатраўе.
  • Большую частку поўдня займае рэгіён марскіх стэпаў. У ім няма пагоркаў вышэй за 250 м, аднак схілы плато камяністыя, у многіх месцах назіраецца выветрыванне. Цвёрды грунт і частыя ў мінулым пажары прывялі да ўзнікнення разрэджанага ляснога полага і зарастання пустак верасам, травамі, лішайнікамі.
  • Паўднёвы ўсход займае Паўднёваавалонскі рэгіён штыхельных марскіх стэпаў. Тут пераважаюць нізкія рэдкалессі, зараснікі верасу, моху, лішайнікаў. Да яго прылягае Авалонскі лес, што знаходзіцца ў глыбіні фіёрда. Для Авалонскага лесу характэрны піхта і бяроза.
  • Паўднёва-заходні Ньюфаўндленд адзначаны прахалодным летам і снежнай халоднай зімой. Сярэднегадавая тэмпература складае каля 4 °C. Вышыня паверхні вагаецца ад ўзроўня акіяна да 814 м. Горы абараняюць ад моцных вятроў, таму тут назіраецца найбольшая біялагічная разнастайнасць лясоў.
  • Горны рэгіён адмяжоўвае паўднёвы захад ад паўднёвых стэпаў і Цэнтральнага рэгіёна. У ім сустракаюцца хмызнякі і зараснікі карлікавых дрэў.
  • Паўночны захад займае Паўночны паўвостраў. Вегетацыйны перыяд тут доўжыцца на 10 — 20 дзён меней, чым у іншых частках Ньюфаўндленда, пераважаюць кіслыя вапняковыя глебы. У мінулым ён быў пакрыты яловымі і піхтавымі лясамі. У нашы дні іх плошча скарацілася. Берагі нізкія, часцяком забалочаныя.
  • Паўночны бераг пакрыты мяшанымі лясамі і прыбярэжнымі пусткамі. На крайняй поўначы дамінуе амаль бязлесая тундра.

Значная тэрыторыя, захаванне лясоў, балот і пустак спрыяюць багаццю мясцовай фаўны. Востраў насяляюць карыбу, буры мядзведзь, барыбал, выдра, андатра, ліса, канадская рысь. У пачатку XX ст. былі інтрадуцыраваны лосі, але іх колькасць нязначная[7]. Ньюфаўндленд часам называюць паўночнаамерыканскай птушынай сталіцай[8]. Налічваецца 35 мільёнаў толькі марскіх птушак, а ўсяго — болей за 360 відаў птушак.

Для захавання прыроды Ньюфаўндленда створаны 2 нацыянальныя і некалькі правінцыйных паркаў.

Скульптура «Сустрэча двух светаў» у Л’Анс-о-Медаўз

Першымі насельнікамі вострава Ньюфаўндленд былі індзейцы, прадстаўнікі паўднёвай галіны марской архаічнай культуры. Яны займаліся рыбалоўствам, паляваннем на прыбярэжных ластаногіх і карыбу, выкарыстоўвалі для вырабу прылад паліраваны сланец. У 3 тысячагоддзі да н. э. яны былі выціснуты палеаэскімосамі, што перасяліліся з суседняга Лабрадора. Прадстаўнікі палеаэскімоскіх археалагічных культур Гросуатэр і Дорсет жылі на ўзбярэжжы Ньюфаўндленда да XIII ст. н. э.[9] Іх асноўнымі заняткамі былі лоў кітоў і рыбы, у меншай ступені — паляванне на наземных звяроў.

Нарэшце, каля 2000 гадоў таму[10] адбылося новае перасяленне індзейцаў з поўдню. Яны займаліся паляваннем, збіральніцтвам і рыбалоўствам, у большай ступені, чым палеаэскімосы, залежалі ад рэсурсаў сушы. Відавочна, існавала некалькі індзейскіх міграцый на востраў. Яны былі абумоўлены кліматычнымі зменамі. Першымі індзейцамі-мігрантамі былі прадстаўнікі марской архаічнай культуры. У пачатку 2 тысячагоддзя н. э. сюды перасялілася група алганкінаў. Да XV ст. сфарміраваліся алганкінская культура беатук[11].

У XI ст. Ньюфаўндленд быў адкрыты грэнландскімі вікінгамі. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца археалагічны помнік Л’Анс-о-Медаўз[12] на месцы нарманскага паселішча на поўначы вострава. Аднак існаванне грэнландскай калоніі не было працяглым з-за сутычак вікінгаў з мясцовым насельніцтвам.

Ньюфаўндленд быў нанава адкрыты 10 жніўня 1497 г. экспедыцыяй Джона Кабата. Індзейцы, якіх сустрэлі еўрапейцы, пакрывалі скуру охрай. Мяркуецца, што з гэтай прычыны пазнейшыя вандроўнікі ў Паўночную Амерыку сталі ўжываць слова «чырвонаскурыя» у адносінах да ўсіх індзейцаў[13]. Дж. Кабат абвясціў знойдзеныя ім землі далучанымі да Англіі, таму Ньюфаўндленд фармальна лічыцца старэйшай заморскай калоніяй гэтай краіны. Да 1502 г. у Англіі пачалося афіцыйнае ўжыванне паняцця New found launde (літаральна «новая адкрытая зямля»)[14]. Першапачаткова яно распаўсюджвалася на востраў і суседнія тэрыторыі, але ў выніку захавалася толькі як назва вострава.

У 1501 г. узбярэжжа Ньюфаўндленда даследавалі партугальскія маракі[15], у 1534 г. — французская экспедыцыя Жака Карцье[16]. У XVI — XVII стст. месцы лову траскі каля Ньюфаўндленда актыўна наведвалі англійскія, баскскія, нармандскія і брэтонскія рыбаловы. У XVII ст. французы пачалі ўсталяванне на востраве калоній. Найбуйнейшай з іх стала Плезанс, у якой у 1685 г. жылі 153 сталыя жыхары і 435 сезонных рыбакоў, у 1710 г. — 248 сталых жыхароў[17]. Пасля Утрэхцкага міра 1713 г. Францыя была вымушана адмовіцца ад Ньюфаўндленда. Аднак французскія паселішчы ствараліся і пазней. Французы даследавалі ўнутраныя раёны вострава, што адлюстравана ў мясцовай тапаніміцы.

Англія прадпрымала спробы каланізацыі Ньюфаўндленда з пачатку XVII ст. У 1610 г. Фрэнсіс Бэкан стварыў Кампанію каланізацыі Ньюфаўндленда[18]. Але першае англійскае паселішча Авалон узнікла толькі ў 1621 г. Яно спыніла сваё існаванне ў 1696 г. з-за нападаў французаў[19]. У 1729 г. Вялікабрытанія прызначыла губернатарам Ньюфаўндленда Генры Осбарна (16941771 гг.), які рэфармаваў цывільнае кіраванне і ўпарадкаваў падаткі. Большасць брытанскіх пасяленцаў была рыбакамі. У 1784 г. для стымулявання перасялення на востраве была абвешчана рэлігійная свабода для каталікоў. Аднак з’яўленне еўрапейскіх каланістаў адмоўна паўплывала на абарыгенаў. Яны пакутавалі з-за парушэння іх тэрыторый і новых эпідэмічных хвароб. Да канца першай трэці XIX ст. беатук вымерлі.

У XIX ст. развіццю калоніі паспрыялі павелічэнне попыту на рыбу, з’яўленне здабываючай прамысловасці, паступовае развіццё самакіравання, а таксама эканамічныя крызісы ў Еўропе. Яны выклікалі новыя хвалі іміграцыі. У 1815 г. насельніцтва дасягнула 40 568 чал.[20] У 1807 г. на востраве была надрукавана першая мясцовая газета. У 1809 г. да Ньюфаўндленда быў далучаны Лабрадор. У 1824 г. Ньюфаўндленд і Лабрадор атрымалі статус асобнай брытанскай калоніі. У 1832 г. сфарміраваны першы прадстаўнічы ўрад, у 1833 г. — заканадаўчая палата абшчын.

У 1907 г. Ньюфаўндленд і Лабрадор сталі дамініёнам. У 1948 г. адбыўся рэферэндум, на якім большасць грамадзян выказалася за ўступленне ў склад Канады. 31 сакавіка 1949 г. Ньюфаўндленд стаў часткай Канады ў складзе правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор.

Традыцыйнае рамяство

Традыцыйныя галіны эканомікі — рыбалоўства і здабыча карысных выкапняў. Рыбалоўства інтэнсіўна развівалася з XVIII ст. У 1920 г. яно давала 71 % экспарта з вострава. Аднак гэта галіна моцна пацярпела падчас сусветнай дэпрэсіі 1929—1933 гг. і ў далейшым не здолела ўзнавіць сваю значнасць. Скарачэнне прыродных рэсурсаў прывяло да мараторыя на лоў траскі ў 1992 г.[21], што фактычна стала прычынай поўнага заняпаду камерцыйнага рыбалоўства.

Здабыча карысных выкапняў пачалася ў 1830-я гг. Ньюфаўндленд з’яўляўся важным месцам здабычы медзі, а потым азбесту і жалеза[3]. У 1979 г. каля Ньюфаўндленда былі знойдзены радовішчы нафты[22]. У канцы XX ст. у сувязі з крызісам рыбалоўства ўлады правінцыі Ньюфаўндленд і Лабрадор стымулявалі мадэрнізацыю прамысловасці.

Сельская гаспадарка развіваецца пераважна на паўднёвым усходзе[23]. Фермеры вырошчваюць бульбу, гародніну, чарніцы. Большасць прыбыткаў ім дае продаж мяса і яек хатняй птушкі. На Ньюфаўндлендзе таксама развіваецца лясная гаспадарка, вытворчасць драўніны і паперы. Важная сучасная галіна эканомікі — сфера паслуг. Яна ўключае транспарт, сувязь, гандаль і абслугоўванне турыстаў.

Узровень жыцця на востраве ніжэйшы, чым у астатніх месцах Канады[24], з-за высокага ўзроўню беспрацоўя, значных выдаткаў на ўтрыманне жылля. Разам з гэтым, на востраве нізкія падаткі для фізічных асоб і прадпрыемстваў.

Зноскі

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (Т. 11).