Амерыканскія тэхналогіі беспілотнікаў сталі расчараваннем на полі бою.

Як піша The Wall Street Journal, нягледзячы на шматмільярдныя ўкладанні венчурнага капіталу, амерыканскія стартапы пакуль не змаглі стварыць эфектыўныя невялікія дроны, якія Пентагон лічыць крытычна важнымі для будучых войнаў.
Многія амерыканскія кампаніі выпускалі дарагія беспілотнікі, якія дрэнна лётаюць. Тым часам украінскія кампаніі навучыліся масава вырабляць дроны, нягледзячы на абмежаваныя рэсурсы, і цяпер шукаюць новых кліентаў і інвестыцыі.
Цяпер абодва бакі аб’ядноўваюцца, і гэты нечаканы саюз прыцягнуў увагу Міністэрства абароны ЗША.
Напрыклад, паўднёва-каліфарнійскі стартап CX2 летась заключыў пагадненне аб інтэграцыі свайго праграмнага забеспячэння і сэнсараў ва ўкраінскія дроны. Гэты праект ужо атрымаў адабрэнне Пентагона і, магчыма, у хуткім часе будзе пастаўляць дроны для арміі ЗША.
«Ніводная амерыканская кампанія не паспявае за Украінай. Іх тэхналогіі працуюць. У іх ёсць ідэальная лабараторыя з максімальнымі стаўкамі, дзе ўсё правяраецца ў баі», — цытуе выданне сузаснавальніка CX2 Нэйтана Мінца (Nathan Mintz).
Цікавасць Пентагона да ўкраінскіх дронаў падкрэслівае праблемы амерыканскіх стартапаў і дасягненні Украіны пасля ўварвання Расіі. Нягледзячы на прызнанне важнасці аўтаномных дронаў для войнаў будучыні і прыярытэтнае фінансаванне іх распрацовак, ЗША так і не змаглі стварыць магутную галіну.
Паводле ацэнак Міністэрства абароны ЗША, краіна можа выпускаць да 100 000 дронаў у год, тады як Украіна ў 2024 годзе вырабіла больш за два мільёны. Некаторыя з гэтых беспілотнікаў здольныя пераадольваць сотні кіламетраў з боезапасам і ўжо выкарыстоўваліся для ўдараў па тэрыторыі Расіі.

Украіна хоча стаць сусветным лідарам у вытворчасці дронаў
Як адзначае выданне, украінскія вытворцы пачынаюць задумвацца пра будучыню пасля вайны, паколькі Кіеў і Вашынгтон абмяркоўваюць магчымасць мірных перамоў. Пры гэтым эксперты амерыканскай беспілотнай галіны не лічаць, што «дыпламатычныя павароты» паміж Украінай і ЗША паўплываюць на супрацоўніцтва стартапаў або знізяць цікаўнасць Пентагона да ўкраінскіх інавацый.
Для ўкраінскіх кампаній рост магчымы толькі дзякуючы выхаду на знешнія рынкі, бо ў краіне дзейнічаюць абмежаванні на прыбытак з продажаў, а дзяржава не можа скупіць усё, што вырабляецца.
«Украіна выразна дала зразумець, што мае намер стаць сусветнай сталіцай беспілотнікаў пасля заканчэння гэтай вайны», — цытуе WSJ Дэрэка Уітлі (Derek Whitley), сузаснавальніка стартапа Vivum, які распрацоўвае штучны інтэлект для аўтаномных сістэм.
Украінскія беспілотнікі ў дзесяць разоў таннейшыя за амерыканскія аналагі і даказалі сваю эфектыўнасць ва ўмовах радыёэлектроннага падаўлення. Амерыканскія кампаніі адстаюць: іх дроны ствараюцца і абнаўляюцца павольней, а таксама часта не вытрымліваюць інтэнсіўнага электроннага процідзеяння.

Першыя кантракты з Пентагонам
Як адзначае WSJ, Міністэрства абароны ЗША ўпершыню падпісала кантракты з двума ўкраінска-амерыканскімі альянсамі. Кампаніі правераць свае дальнабойныя ўдарныя дроны гэтай вясной ва Украіне, а затым атрымаюць магчымасць удзельнічаць у тэндэрах Пентагона.
Падраздзяленне абаронных інавацый (Defense Innovation Unit) Міністэрства абароны ЗША, створанае для паскоранай інтэграцыі перадавых грамадзянскіх тэхналогій у ўзброеныя сілы ЗША — таксама ўпершыню дадало ўкраінскага вытворцу дронаў Skyfall у спіс патэнцыйных пастаўшчыкоў арміі ЗША.
Гэтая кампанія выпускае тысячы дронаў штодня. Калі яе ўдарныя дроны з амерыканскім праграмным забеспячэннем CX2 пройдуць тэсты бяспекі, іх могуць прапанаваць арміі ЗША ўжо ў гэтым годзе.
Амерыканская кампанія KEF Robotics і ўкраінская Sensorama Lab стварылі сумеснае прадпрыемства Blue Arrow, якое распрацоўвае праграмнае забеспячэнне і сэнсары для дронаў, здольных лятаць ва ўмовах радыёэлектроннага глушэння. Blue Arrow ужо заключыла кантракты з арміямі еўрапейскіх краін і тэсціруе свае беспілотнікі на перадавой ва Украіне.
«Ніводная кампанія ў ЗША не выпускае дроны такімі тэмпамі, як Украіна», — заявіла выданню Вольга Пагода (Olga Pogoda), сузаснавальніца Blue Arrow.
Перашкоды на шляху да сусветнага рынку
Нягледзячы на поспехі, украінскія кампаніі сутыкаюцца з абмежаваннямі на экспарт дронаў. Яны ўжо аб’ядналіся для лабіравання адмены забароны і разам з амерыканскімі партнёрамі шукаюць абходныя шляхі.
Skyfall спрабуе атрымаць спецыяльны дазвол ад украінскага ўрада на продаж сваіх ударных дронаў ЗША.
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў кастрычніку заявіў, што ўлады разглядаюць магчымасць экспарту зброі ў краіны, якія пастаўлялі ўзбраенне Украіне.
Аднак усё большы недавер Кіева да Вашынгтона можа ўскладніць пастаўкі ўкраінскіх дронаў у ЗША.
Яшчэ адна праблема — залежнасць ад кітайскіх дэталяў. Каб прадаваць беспілотнікі Міністэрству абароны ЗША, украінскім кампаніям давядзецца шукаць новых пастаўшчыкоў.
Тым не менш, вытворцы не губляюць аптымізму. Кампанія Sine.Engineering, якая пастаўляе сродкі радыёсувязі і навігацыйнае праграмнае забеспячэнне для ўкраінскіх вайскоўцаў і вытворцаў беспілотнікаў, адкрывае новае еўрапейскае падраздзяленне за межамі Украіны.
З гэтай базы кампанія плануе пашыраць вытворчасць і продажы, у тым ліку пастаўляць прадукцыю амерыканскім абаронным кампаніям, якія працуюць з Пентагонам.
Дадатковыя даходы дазволяць фінансаваць новыя распрацоўкі ў сферы дронаў для барацьбы з Расіяй.
Каментары