«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх». Гутарка з экс-сілавіком, які быў паранены на пратэстах 2020-га
Павел прапрацаваў у праваахоўнай сістэме каля 20 гадоў і пакінуў службу задоўга да 2020 года. Аднак масавыя пратэсты закранулі яго ў літаральным сэнсе. У першыя дні ён выйшаў да «барыкадаў» і атрымаў раненне. У інтэрв'ю «Люстэрку» мужчына расказаў, як склаўся яго далейшы лёс, а таксама даў ацэнку таму, што адбываецца ў краіне.

«Дзяржава страціла сваё сэнсавае напаўненне»
Павел — 65-гадовы афіцэр у адстаўцы. Службу ў сілавых структурах ён скончыў яшчэ да 2010 года, сыходзіў у высокім званні. Мужчына папрасіў не раскрываць яго асобу і прадставіць сябе як «юрыста з досведам у сферы судова-пракурорскай і следчай працы».
— У мяне даўно склалася меркаванне пра тое, што адбываецца ў краіне. Ужо з пачатку двухтысячных гадоў у мяне цалкам аформілася вызначэнне, што ў нас у Беларусі — арганізаваная злачынная супольнасць на чале з канкрэтнымі персаналіямі. Перш за ўсё гэта самазванец. Я змяніў сваё жыццё, кінуў працу. І сышоў у сябе, заняўся сваімі агародамі і рыбалкай, — пачынае свой аповед суразмоўца.
Ён адразу прапануе дамовіцца пра «сістэму каардынат» і тлумачыць паняцці, якія выкарыстоўвае. Дзейную ўладу ў Беларусі Павел называе не інакш як «арганізаваная злачынная супольнасць», Аляксандра Лукашэнку — самазванцам, які захапіў уладу незаконным шляхам, сілавыя ведамствы — псеўдаправаахоўнымі органамі, а палітвязняў — закладнікамі і пацярпелымі. Ён лічыць, што амніставаць іх нельга — толькі вызваліць. Гвалт сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў і ператрусы з пагромамі — паводле яго ацэнкі, тэрарыстычныя дзеянні.
— Дзяржава страціла сваё сэнсавае напаўненне, — разважае ён. — Перастала быць арганізацыйна-прававым утварэннем, што выконвае і рэалізуе інтарэсы народа, крыніцы ўлады. Вонкавая шкарлупіна і ўся атрыбутыка выкарыстоўваюцца арганізаванай злачыннай супольнасцю для рэалізацыі сваіх карысліва-бандыцкіх мэтаў і планаў. Гэта незаконны захоп і ўтрыманне ўлады — раз. І рэалізацыя сваіх карыслівых нізкіх матываў бандай Лукашэнкі — два.
Павел кажа, што на момант сыходу з сілавых структур не бачыў магчымасцяў змяніць сітуацыю ў краіне, не бачыў і лідараў. Але працягваў сачыць за тым, што адбываецца і падтрымліваць кантакты з людзьмі ўнутры сілавых структур.
«Дзіця, ты пачнеш біцца з імі, яны будуць цябе забіваць»
У 2020 годзе адстаўны афіцэр зразумеў, што «наспявае нейкая правакацыя». У першыя дні жнівеньскіх пратэстаў Павел даведаўся пра жорсткія дзеянні сілавікоў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў — і не змог заставацца дома.
— Я, натуральна, пайшоў для таго, каб альбо мінімізаваць наступствы для народа, альбо неяк з карысцю паўдзельнічаць, — тлумачыць ён.
Людзям на вуліцы мужчына даваў рэкамендацыі «перш за ўсё думаць пра гарантаванне ўласнай бяспекі, а не спрабаваць паказаць, якія мы рамантыкі і цяпер будзем змагацца з АМАПам». Кажа, трапіў у трохі «дурное становішча»:
— Вымушаны быў на так званых барыкадах казаць: «Дзеткі, збірайцеся, сыходзьце, хавайцеся, стойце на адлегласці 300 метраў ад гэтага АМАПа са сцягамі, паказвайце, што вы ёсць, і адразу ж хавайце іх, калі яны да вас бягуць».
Суразмоўца ўспамінае адзін з дыялогаў таго дня — з дзяўчынай, якая была гатовая да сілавога супрацьстаяння. «Дзіця, ты пачнеш біцца з імі, яны будуць цябе забіваць. Ты розніцу разумееш? У вас ёсць тут санітарна-эвакуацыйная служба? У вас ёсць сувязь, штабная праца, вы падрыхтавалі нешта?» — «Нешта ты, дзед, такі… Правакатар».
Неўзабаве мужчына скіраваўся дадому — і пачаўся сілавы разгон акцыі. Іншыя пратэстоўцы разбегліся, а ў Паўла трапілі дзве гумовыя кулі. Першую дапамогу яму аказалі людзі побач. На хуткай афіцэра даставілі ў медустанову і там прааперавалі. Ён кажа, што аднаўляўся «як сабачка».
— Мне сказалі хадзіць на другі дзень, я ў першы пайшоў, — успамінае суразмоўца. — А як? Толькі пераадоленне. Першыя два дні разрэзаная дзірка баліць, а потым проста свярбіць, гэта вам любы доктар скажа.
Праз некалькі дзён мужчыну выпісалі. Ён звярнуўся з заявай у Следчы камітэт, па факце ранення завялі крымінальную справу. Праўда, вінаватых не знайшлі дагэтуль. Мужчыну запрашалі даць паказанні ў якасці пацярпелага — але яго на той момант ужо не было ў краіне.
Рашэнне пакінуць Беларусь Павел прыняў неўзабаве пасля выпіскі ў 2020-м. Кажа, калі б працягваў лячэнне на радзіме — гэта магло «скончыцца сумна», а з пацярпелага яго б перавялі ў разрад падазраваных па крымінальнай справе.
— Досвед ранейшай працы дазволіў мне змадэляваць сітуацыю, высунуць версіі, якія сталі асновай для прыняцця рашэння і дзеяння. Гэтыя версіі потым пацвердзіліся — пра тое, што рэпрэсіі будуць безупынна нарастаць з кожным месяцам і годам, — лічыць мужчына, якому ў Беларусі давялося пакінуць усё звыклае жыццё. — Ды мне ў тысячу разоў лепш было б заставацца дома. Я дарослы чалавек, які адбыўся, у мяне ўсё было. Што называецца, поўны пакет: кватэра, «колы», участак, сябры, захапленні.
Пераезд мужчыну даўся цяжка, ехаць давялося «ў нікуды» — праз транзітную краіну трапіў ва Украіну, дзе ў яго не было нікога з блізкіх. На дапамогу прыйшлі іншыя людзі.
— Звяртаўся да сваіх сувязяў, якія мне падшуквалі нешта і казалі: вось там цябе могуць сустрэць, перажывеш некалькі дзён, а тут падтрымаюць. Або «табе хутка перададуць 200 даляраў праз нашых сяброў», — расказвае ён.
Ва Украіне Павел жыў у людзей, якія пайшлі насустрач і здалі жыллё за мінімальную цану, дадаткова дапамагаў па гаспадарцы на іх участку. Расказвае, што не грэбаваў працай, працаваў грузчыкам у краме. Да таго ж спрабаваў дапамагаць грамадска-палітычным арганізацыям. Прапаноўваў сваё супрацоўніцтва і праваахоўным ведамствам Украіны, але там не ацанілі яго ініцыятывы.
У першы дзень поўнамаштабнага ўварвання — 24 лютага 2022 года — ён пакідаў краіну «пад паветранымі трывогамі». Кажа, не мог заставацца там, будучы прадстаўніком дзяржавы-агрэсара, тым больш з улікам сваёй мінулай працы.
«Сэрца згарэла за два гады»
Далей мужчына скіраваўся ў Польшчу — і сутыкнуўся з новымі цяжкасцямі.
— Прыязджаеш — кватэры няма, грошай на ежу няма, ведання мовы няма. Куды пайсці, дзе аформіць PESEL — не ведаеш, навошта ён — не ведаеш. [На працу ўладкавацца] немагчыма, бо ўзрост — раз, кваліфікацыя — два, мова — тры… — кажа ён.
У Польшчы Павел пражыў каля двух гадоў. Афіцэр з удзячнасцю адклікаецца пра жыхароў гэтай краіны — як простых людзей, так і дзяржслужбоўцаў. Успамінае, як тыя дэманстравалі дабрыню і клопат. Мужчына атрымліваў дапамогу па гуманітарных праграмах. Сам ён апісвае гэта як «браў бомж-пакеты паесці». Калі купляў прадукты ў краме — стараўся эканоміць.
З арэнднай платай за кватэру Паўлу дапамагала гуманітарная арганізацыя. Аднак па заканчэнні двух гадоў працягваць выплаты яны не маглі. У выніку ў пэўны момант афіцэр «сеў на нуль» і апынуўся «на вуліцы»: у яго ўжо не было магчымасці аплачваць жыллё і прадукты.
У выніку яго «забралі да сябе» родныя ў іншую краіну. Мужчына не гатовы падрабязна расказваць пра сваё цяперашняе становішча, але не можа назваць яго шчаслівым: «Гэта, у прынцыпе, тая ж турма, толькі без наглядчыкаў».
Кажа, цяпер жыве дзякуючы «выпадковым падпрацоўкам» і падтрымцы родных, а таксама інтэнсіўна шукае магчымасці працаваць. Да таго ж «выдаткі мінімізаваў так, што агідна».
За ўвесь гэты час здароўе афіцэра ў адстаўцы не палепшылася. Павел лічыць, што ўсё праз перажыванні — «сэрца згарэла за два гады». Суразмоўца кажа, што людзей, якія трапілі ў вымушаную эміграцыю, трэба лічыць пацярпелымі:
— Рэжым напракудзіў на мільёны людзей. Напрыклад, мне пераезд быў не патрэбны, я гэтага не хацеў, але заштурхала сюды гэтая банда.
Але на пытанне, ці не шкадуе пра тое, як усё склалася, рашуча адказвае: не.
— Не толькі не шкадую. У нас іншага шляху не было, — дае адназначную ацэнку ён.
«Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх да чортавай маці»
Цяпер Павел актыўна сочыць за навінамі, дыскутуе з палітыкамі і YouTube-блогерамі, прапануе ўласныя ініцыятывы. Кажа, калі заўтра палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца — гатовы вярнуцца і працаваць, хоць у «канцылярыі».
Мужчына дагэтуль ахвотна разважае пра падзеі 2020 года. З ягоных словаў, убачыў тады тысячы «цудоўных людзей», якія дзейнічалі «добрасумленна» і «цалкам правільна», не хочучы ніякага гвалту. Але праз адсутнасць падрыхтоўкі і арганізацыі атрымаўся «стрэл у нікуды».
— Калі б гэты патэнцыял правільна скіравалі, мы б зламалі іх да чортавай маці, — упэўнены адстаўны афіцэр.
Пры гэтым ён адзначае, што ў простых грамадзян тады было права на самаабарону — але ў той сітуацыі скарыстацца ім было немагчыма. Ён нагадвае, што такое права ёсць у беларусаў і цяпер:
— Права неабходнай абароны ў грамадзян краіны захоўваецца да поўнага спынення супрацьпраўных дзеянняў. Акрамя таго, усе дзейныя супрацоўнікі ўнутраных войскаў, спецназа, МУС і г. д. маюць права і абавязаныя прымаць вычарпальныя меры для аднаўлення законнасці і правапарадку, канстытуцыйнага ладу ў краіне.
Павел актыўна прапануе праекты, скіраваныя на вызваленне Беларусі, — як публічныя, так і непублічныя. Напрыклад, дзеліцца ідэяй ствараць дыскусійныя клубы беларусаў у розных гарадах замежжа. А яшчэ ўпэўнены, што трэба загадзя распрацаваць законапраекты і структуры, якія спатрэбяцца пасля падзення рэжыму Лукашэнкі.
«Так і кажуць: «Загад даюць — а я што?»»
Разважаючы пра тое, чаму так мала людзей у пагонах прадэманстравала салідарнасць з беларускім народам, суразмоўца кажа пра селекцыю ў гэтай сістэме. Раней для таго, каб працаваць у МУС, здавалі інтэлектуальныя і псіхалагічныя тэсты. Але паступова патрабаванні знізіліся, галоўным стала, каб кандыдат «выконваў заданне дубінкай дубасіць». Для такіх людзей важным фактарам сталі бясплатнае жыллё і іншыя матэрыяльныя даброты.
— Ведаю некаторых, яны так і кажуць: «Загад даюць — а я што?» Кажу: «Слухай, ну я ж цябе вучыў, што акрамя загаду ёсць яшчэ закон, на якім мусіць грунтавацца гэты загад. У цябе ёсць галава, і ты мусіш аналізаваць». — «А я не разабраўся». Але калі ўжо рукі ў крыві — дык потым ужо і разбірацца не вельмі, — разважае ён і дадае, што для чыноўнікаў на высокіх пасадах у пэўны момант падключылі маніпуляцыі «кампраматам». — Сталі працаваць паводле прынцыпу: спачатку набіраем на чалавека негатыў, што ён бярэ хабар, крадзе. Дакументуем усё гэта, збіраем. Матэрыял праверкі захоўваецца. Як толькі яго прызначаюць на пасаду міністра аховы здароўя або генеральнага пракурора — ва ўпраўленне справамі ўсю «компру», яны глядзяць: ну так, добра. І чалавек на кручку.
Яшчэ ў гады службы Павел перасякаўся з калегамі па МУС, унутраных войсках, пракурорамі, суддзямі. У тым ліку — з Андрэем Шведам, які да верасня 2020 года дарос да пасады генеральнага пракурора.
— Я быў супрацоўнікам ужо з імем і з прафесійным багажом. А ён — непрыкметная такая істота. Ціхі такі, заўсёды ўважліва слухаў, — успамінае мужчына. — Адчувалася, што такі, ведаеце, выканаўца, што яму хочацца заставацца ў канторы. Я працаваў заўсёды спакойна: выганяць — ну і што, у мяне рукі ёсць, буду дрэвы саджаць ці дамы будаваць. А ён — гэта катэгорыя «я ўсё зраблю, чаго жадаеце?». Такіх супрацоўнікаў ва ўсіх ведамствах з гадамі станавілася ўсё больш.
Павел спадзяецца, што ўсіх вінаватых у рэпрэсіях чакае справядлівы суд — не ў далёкай Гаазе, а ў Беларусі.
— Немагчыма абмяркоўваць, пераможа народ Беларусі ці не. Ён пераможа з непазбежнасцю. Проста мы не можам сказаць, калі гэта будзе: праз 20 хвілін, праз год ці 12 гадоў, — упэўнены суразмоўца. — І сілавікі гэта таксама разумеюць. Чаму яны цяпер стварылі ўсялякія «спартыўна-патрыятычныя клубы»? Асноўная матывацыя — страх. Разумеюць, што натуральнае развіццё сітуацыі вядзе да таго, што Лукашэнка будзе змецены, знесены да чортавай маці. І яны разам з ім. І надыдзе момант — так бы мовіць, эра законнасці. Дык вось, каб яе адсунуць, яны менавіта цяпер ператвараюць моладзь у «манкуртаў» (людзей, якія забыліся на свае нацыянальныя карані і сваю роднасць. — Заўв. рэд.). Асабліва важна давесці да ведама праціўнікаў дэмакратычных пераменаў, карнікаў і тэрарыстаў, што самазванец і яго «цуд» рухаюцца да фіналу. Гэта агонія асуджаных. Таму лагічнае развіццё непазбежна прывядзе ўсіх памагатых рэжыму да законнай адказнасці. А мінімізаваць яе пакуль яшчэ могуць і абавязаныя самі «ябацькі».
Каментары
Дык гэта ТВАЯ задача дапамагчы арганізаваць усё гэта. А ня тых дзяцей. Калі ты падрыхтаваны і маеш веды. Прыйшоў павумнічаць на барыкады. Дзякуй за парады. Вельмі карысна. Удачы ў эміграцыі.