Падрабязнасці прызыву вайсковаабавязаных на праверку боегатоўнасці Узброеных Сіл паведаміў 12 сакавіка начальнік мабілізацыйнага кірунку вайсковага камісарыята Мінска Ігар Дымовіч.

Паводле слоў вайсковага чыноўніка, вайсковаабавязаныя «прыбывалі па позве ў вайсковы камісарыят, дзе ў іх удакладняліся ўліковыя даныя, абставіны, якія перашкаджаюць прызыву на вайсковыя зборы».
«У выпадку выяўлення такіх абставін згодна з заканадаўствам […] прымалася рашэнне аб вызваленні вайсковаабавязаных ад праходжання вайсковых збораў, і яны мяняліся альбо на рэзервістаў, альбо на вайсковабавязаных са складу рэшткаў свабодных рэсурсаў», — сказаў ваенкам.
Ён назваў шэраг прычын, па якіх вайсковаабавязаныя не прызываюцца на вайсковыя зборы:
«Гэта сямейныя абставіны, у прыватнасці, трое дзяцей да 18 гадоў. Могуць быць вызваленыя ад збораў службовыя асобы, якія забяспечваюць палёты авіяцыі, рух чыгуначнага транспарту, выкладчыцкі склад і тыя, хто занятыя на сельскагаспадарчых работах менавіта ў перыяд пасяўной. Ёсць таксама шэраг іншых абставін па рашэнні вайсковага камісара».
Праверка боегатоўнасці арміі праводзіцца ў Беларусі з 3 лютага. У рамках гэтай кампаніі з запасу на зборы прызвалі каля 5 тысяч вайсковаабавязаных, паведаміў 5 сакавіка начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.
Каментары