Location via proxy:   [ UP ]  
[Report a bug]   [Manage cookies]                
Перайсці да зместу

Рымска-Каталіцкая Царква

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Рымская царква)

Рымска-Каталіцкая Царква, таксама вядомая як Касцёл, з’яўляецца найбуйнейшай хрысціянскай царквой і найбуйнейшай рэлігійнай канфесіяй, у 2019 годзе прыкладна 1,3 мільярда хрышчаных каталікоў ва ўсім свеце[1][2]. Будучы найстарэйшым і найбуйнейшым у свеце бесперапынна дзейным міжнародным інстытутам[3], ён адыграў прыкметную ролю ў гісторыі і развіцці заходняй цывілізацыі.[4] Царква складаецца з 24 цэркваў і амаль 3500 дыяцэзій і епархій па ўсім свеце. Папа Рымскі, які з’яўляецца біскупам Рыма (і ў тытулы якога ўваходзяць таксама вікарый Ісуса Хрыста і наступнік святога Пятра), з’яўляецца галоўным пастарам царквы[5], якому даручана паўсюднае пятроўскае служэнне адзінства і выпраўлення. Адміністрацыя касцёла, Святы Прастол, знаходзіцца ў Ватыкане, малюсенькім анклаве Рыма, кіраўніком дзяржавы якога з’яўляецца Папа.

Гісторыя Каталіцкай Царквы

[правіць | правіць зыходнік]
Апошняя Вячэра, карціна Леанарда да Вінчы

Згодна з традыцыяй часам паўстання Рымска-Каталіцкай Царквы лічыцца I ст. н.э., якое звязана з дзейнасцю Ісуса Хрыста, яўрэйскага прапаведніка, якога ўважалі за Сына Божага. Пасля смерці і ўваскрасення Ісуса на 33 годзе жыцця, яго вучэнне сканцэнтравалася вакол групы апосталаў і вернікаў, таму першапачаткова хрысціянства было адной з яўрэйскіх сект. Акрамя таго, Царква не была адзінай і складался са шматлікіх плыняў. Першым Папам Рымскім згодна з традыцыяй лічыцца Апостал Пётр, які стаў біскупам Рыма.

Дзейнасць Паўла з Тарса

[правіць | правіць зыходнік]
Святы Павел

Павел з Тарса быў прылічаны да ліку Святых Апосталаў, хоць спачатку ён прымаў чынны ўдзел у пераследзе хрысціянства рымскімі ўладамі. Падчас сваіх пропаведзяў ён спрыяў прыняццю хрысціянства ў Малой Азіі, Грэцыі, Кіпры, Македоніі. Яму прыпісваецца аўтарства 14 пасланняў, якія ўвайшлі ў звод Новага Запавету Бібліі, у сапраўднасці ж гэтыя пасланні напісаныя рознымі асобамі і ў розны час, але не раней чым у 1-ай пал. 2 ст.[крыніца?].

Развіццё ў Рымскай Імперыі

[правіць | правіць зыходнік]

Урад Рымскай імперыі адносна талерантна ставіўся да іншых рэлігій, патрабуючы ад іх толькі ахвярапрынашэнні Рымскім багам, але да хрысціянства адносіны былі варожымі. Сама Царква была падзелена на мноства асобных цэнтраў, сярод якіх найбольш значныя былі ў Іерусаліме, Дамаску, Антыёхіі, Эфесе, Македоніі, Тэсалоніках, Александрыі і Рыме. Галоўную ролю сярод іх адыгрываў Рым, які меў становішча першага сярод роўных, хоць ён і вымушаны быў супернічаць з іншымі цэнтрамі, асабліва з Іерусалімам і Александрыяй. Спрыяў перамозе Рыма яго высокі статус як сталіцы імперыі і хрысціянская традыцыя заложаная ад Апосталаў Пятра і Паўла.

Рымскія ўлады арганізоўвалі пераслед хрысціян, апагей якіх, лічыцца, быў падчас імператара Нерона ў 5468 і падчас імператара Дыяклетыяна ў 284305 гг. Але, нягледзячы на пераследы, колькасць хрысціян пастаянна павялічвалася.

Хрысціянства як дамінуючая рэлігія ў Рымскай імперыі

[правіць | правіць зыходнік]
Прыйсце Канстанціна

У 313 г. імператар Рымскай імперыі Канстанцін I Вялікі выдаў Міланскі эдыкт, згодна з якім хрысціяне маглі вольна вызнаваць сваю рэлігію. Міланскі эдыкт не быў сцвярджэннем хрысціянства як дзяржаўнай рэлігіі, але ён быў адным з першых у гісторыі актаў рэлігійнай талерантнасці.

20 мая 325 г. Канстанцін склікаў першы ў гісторыі Сабор хрысціянскіх біскупаў, вядомы як Першы Нікейскі сабор. Галоўнай тэмай Сабору была спрэчка паміж прыхільнікамі Арыуша і артадоксамі. Артадоксы сцвярджалі, што Бог Сын з’яўляецца адзінай істотай разам з Богам Айцом. Арыяне ж сцвярджалі, што Сын Божы ёсць стварэннем яго Айца і таму Сын падпарадкаваны Айцу і не з’яўляецца яму раўназначным. На тым Саборы перамагла думка артадоксаў, але арыяне працягвалі супраціўленне Нікейскаму сімвалу веры. Яны працягвалі свае спрэчкі, і пры Канстанціне II Арыуш быў рэабілітаваны. Галоўным абаронцам Нікейскага Сімвалу Веры (Credo) стаў Святы Афанасій, біскуп Александрыі.

Канец гэтым спрэчкам быў пакладзены пры Канстанцінопальскім саборы 381 года, калі было зацверджана Вызнанне Веры (credo), якое сцвярджала рашэнне Нікейскага сабору і стала асноваю для Сімвала Веры ў каталіцтве, праваслаўі і пратэстанцтве.

Распаўсюджанне хрысціянства да 300 п.х.

У 330 г. сталіца Рымскай імперыі была перанесена ў Канстанцінопаль, які пачалі называць Новым Рымам, што вельмі моцна паўплывала на моц Канстанцінопальскай абшчыны вернікаў. На саборы 381 г. Канстанцінополь быў уважаны як другі пасля Рыма цэнтр Царквы, тымчасам як раней за такі вызнавалася Аляксандрыя.

Хутка, пасля ўваходу на трон Феадосія I, хрысціянства стала галоўнай і афіцыйнай рэлігіяй імперыі. Тады ж Царква стала і палітычнай арганізацыяй, якая моцна ўплывала на ўнутраныя справы імперыі. Тады яна набыла палітычны і гаспадарчы лад, што было ўважана часткай хрысціян як адыход ад традыцый і запаветаў Ісуса і апостальскай традыцыяй.

Тады ж Феадосій I выдаў эдыкт аб прававернасці, згодна з якім усе падданыя Рымскай імперыі павінны былі прыняць хрысціянства, а астатнія былі вызнаваліся за ератыкоў. Паганцы не маглі адпраўляць публічна свае культы. Той жа эдыкт ад 394 года абавязываў спыніць старажытныя алімпійскія гульні ў Грэцыі. Царква тым жа часам пераследвала адышоўшых ад веры і яўрэяў, часам даходзіла і да сілавога ўціску. Супраць такіх дзеянняў Царквы і Рыма выступаў Ян Хрызатом[6].

Моцны саюз Царквы са свецкай уладай пратрымаўся яшчэ стагоддзе.

Царква па ўпадку Рымскай імперыі на Захадзе — спрэчка аб прымаце

[правіць | правіць зыходнік]
Ікона, на якой выяўлены імператар Канстанцін (у цэнтры) разам з айцамі Першага Нікейскага сабора (325), якія трымаюць Нікейска-Канстанцінопальскі сімвал веры (381) са зменамі для выкарыстання ў грэчаскай літургіі.

Царква выйшла пераможцам (і нават узмацнілася) з таго хаосу, які настаў па ўпадку Рымскай імперыі. Готы пад кіраваннем свайго правадыра Аларыха, які ў 406 годзе захапіў Рым, хутка прылучыліся да рымскага стылю жыцця. Падчас войнаў і разбурэнняў, хрысціянства ўзмацнялася і рабілася ўсё больш стабільным, распаўсюджываючыся на поўначы (Напрыклад, у V ст., прыняла Хрышчэнне Ірландыя праз Святога Патрыка).

Пад канец IV ст., хрысціянская грамада ў Рыме зноў пачала ўзмацняць сваё пануючае становішча, якое адыгрывалі біскупы таго горада — (Папы). Падчас сіноду ў Рыме ў 382 годзе Папа Дамасій I агласіў, што біскуп Рыму мае ўладу юрысдыкцыі над цэлай Царквой. У тым самым кірунку пайшлі яго пераемнікі. Папа Сірыцый і Інакенцій І, а таксама Леў I Вялікі, называліся «неафіцыйнымі заходнерымскімі цэзарамі», якія тлумачылі права на дамінацыю на падставе Евангелля (Мт 16, 18 і Лк. 22, 31). Аргументавалі такім чынам, што ўсё, што адносіцца да Апостала Пятра, адносіцца таксама і да Папы як яго пераемніка. Паколькі Пётр быў першым сярод апосталаў, так Папа з’яўляецца першым сярод біскупаў. Леў I Вялікі меў вялікі ўплыў і папулярнасць сярод грамадства, бо ён затрымаў напад Атылы на Рым. Слабасць Заходнерымскай Імперыі спрыяла ўзрастанню значнасці біскупа Рыма, ў той жа час як ва Усходнерымскай Імперыі, патрыярх трапляў у залежнасць ад цэзара.

З прыматам Рыму не згаджаўся шэраг біскупаў Усходу, а таксама цэзар усходнерымскі, які на Другім Труланскім саборы ў 629 годзе назваў Папу «праклятым ератыком». У той час пачалося супрацьстаянне паміж Усходняй і Заходняй Царквой, якое прывяло да некалькіх схізмаў, што ў выніку стварыла перадумовы да схізмы 1054 года, якая была адменена толькі ў XX ст.[7]

Фарміраванне дактрыны

[правіць | правіць зыходнік]

Пра дактрыну глядзіце артыкул Каталіцтва

Дактрына, культ і права Каталіцкай Царквы выкрышталізоўваліся падчас Сусветных сабораў і сінодаў. Апрача Першага Нікейскага сабору і Першага Канстанцінопальскага сабору, да іх адносяцца:

Значную ролю ў развіцці тэалогіі адыграў паўночнаафрыканскі біскуп Св. Аўгусцін з Гіппону, аўтар «Вызнання» і «Аб панстве Божым», які спалучаў філасофію Платона з ведамі Бібліі. Яго шануюць як аднаго з Айцоў Царквы.

Час спрэчак і схізм

[правіць | правіць зыходнік]

Стварэнню адзінай Царквы перашкоджвалі ератыкі і расколы (схізмы). Артадаксальныя царкоўныя рухі знаходзіліся ў палеміцы з іншымі рэлігійнымі рухамі:

Некаторыя з гэтых рухаў з часам пераўтварыліся ў асобныя структуры, якія і сёння існуюць як Цэрквы.

Усходняя схізма

[правіць | правіць зыходнік]

У VII i VIII ст. Заходняя і Усходняя Царква мелі паміж сабой кантакты, але яны па розных прычынах (войны, варварскія нашэсці, аслабленне эканамічных узаемасувязяў) парываліся і рабіліся ўсё больш слабымі. Рым і Канстанцінопаль вялі вострую барацьбу з-за іконаклазмаў. Пазней у Візантыйскай імперыі існавала тэндэнцыя толькі да ганаровага прызнання прымату Рыму альбо нават яго ігнаравання. У XI ст. дайшло да парывання кантактаў паміж Цэрквамі ў выніку схізмы Фоція. Анафемы абвясцілі ў 1054 годзе адзін аднаму Папскія легаты і патрыярх Міхаіл, што замацавала канчатковы разлом у хрысціянстве. Гэты разлом яшчэ болей узмацніўся ў выніку пагрому Канстанцінопаля крыжакамі ў 1204 годзе.

Менавіта з таго часу, азначэнне «Каталіцкі Касцёл» адносіцца да Рымскай Царквы Заходняга Абраду, хаця Праваслаўная Царква і іншыя цэрквы таксама ўжываюць яго (напрыклад «Армянская Кафаліцкая Царква» і г.д.).

Толькі ў 1965 годзе, была абвешчана сумесная дэкларацыя Папы Паўла I і Патрыярха Канстанцінопальскага Афінагора I аб адмене анафемаў 1054 года. З таго моманту Праваслаўныя Цэрквы называюцца ані іначай, як «Цэрквы-сёстры», і да правасалаўных вернікаў патрабуецца тое ж стаўленне, што і да астатніх хрысціян [8].

Папа Францішак падчас малітвы «Анёл Панскі»

Каталіцкая Царква характарызуецца моцнай іерархічнай структурай. Найвышэйшае месца ў іерархіі займае Папа Рымскі (па-лацінску: Pontifex Maximus — Найвышэйшы Каплан), хоць фармальна ён з’яўляецца толькі біскупам Рыму. Члены Царквы вызнаюць яго за пераемніка Апостала Пятра, намесніка Хрыста на зямлі — першага кіраўніка Царквы. Папа абіраецца па смерці папярэдніка. Сядзібай Папы з’яўляецца Ватыкан. Сучасны Папа — Францыск (Францішак).

Сусветны Сабор — збор усіх біскупаў у справах найвышэйшай вагі. Правадыром сабора з’яўляецца Папа, усе вынаходжанні сабора павінны быць зацверджаны Папам. Да сённяшняга моманту ў Каталіцкай Царкве адбыўся 21 Сусветны Сабор (іншыя вызнаюць за сусветныя толькі першыя 7 Сабораў, якія адбыліся перад разломам хрысціянства на ўсходняе і заходняе).

Галоўнымі адміністрацыйнымі адзінкамі ў структуры Каталіцкай Царквы з’яўляюцца дыяцэзіі i парафіі, a дапаможнымі — мітраполіі (царкоўныя правінцыі) i дэканаты.

Каталіцкая Царква і Рэфармацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Лютэр парывае папскую булу

Рэфармацыя, пачаткі якой сягаюць у XVI стагоддзе, была ва ўяўленні рэфарматараў вяртаннем да ідэалаў старажытнай Царквы і евангелічных прынцыпаў першых хрысціян. Ініцыятар рэфармацыі Марцін Лютэр выступаў за апраўданне верай, супраць гандлю індульгенцыямі, за адмену цэлібату і інш.

Падзеі Рэфармацыі сталі адным з галоўных повадаў склікання Трыдэнцкага сабору.

Сёння ў агульнай тэалогіі і каталіцкай філасофіі існуе пэўная тэндэнцыя да лібералізацыі. Дапушчаюцца некаторыя іншыя меркаванні ў веры, напрыклад, каталіцкія тэолагі спасылаюцца часам на тэолагаў пратэстанцкіх, такіх як Карл Барт.

Каталіцкая Царква і цывілізацыя

[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая Царква і літаратура і філасофія

[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці хрысціяне мелі крытычныя адносіны да тагачаснай філасофіі і літаратуры (як элементаў паганскіх рэлігій), але, з іншага боку, гэтыя элементы культуры выкарыстоўваліся для аховы і прапаганды хрысціянства. Першыя хрысціянскія філосафы называліся апалагетамі і займаліся галоўным чынам адказам на тыя пытанні, якія ставілі хрысціянству паганскія філосафы, як, напрыклад, Келсос. Па заняпадзе Заходнерымскай Імперыі Каталіцкая Царква стала на тысячу гадоў найважнейшым на Захадзе цэнтрам навукі, а таксама і філасофіі. Звычайна касцёльныя іерархі мелі доступ да адукацыі, тым самым большасць філосафаў той эпохі былі законнікамі, як напрыклад Святы Фама Аквінскі, Святы Бонавентура ці Дунс Скот. Царква тым часам мела кантроль над універсітэтамі, выдаляючы адтуль тыя ідэі, якія былі нязгодныя з яе дактрынай. Часта за найзначнейшую каталіцкую філасофію ўважаюць тамізм, што стала санкцыявана нават у энцыкліцы «Aeterni Patres». У бібліятэках кляштароў працягвалі захоўвацца і перапісвацца большасць прац па філасофіі і літаратуры антычнасці, прычым сярод іх не было трактатаў антыхрысціянскіх (сляды якіх захаваліся толькі ў палемічнай літаратуры апалагетаў), ці літаратуры вызнанай за парнаграфічную.

Першымі творамі хрысціянскай літаратуры сталі «Апостальскія лісты», «Апостальскія дзеі» і «Пастыр» Гермаса. Крыху пазней з’явіліся Евангеллі, самым раннім сярод якіх стала «Евангелле паводле Марка», а апошнім — «Евангелле паводле Яна». Пад канец старажытнасці пачалі з’яўляцца розныя рэлігійныя паэмы, напрыклад гімны Святога Амброзія, Царква падтрымлівала таксама агіяграфічную літаратуру. Рэлігійная паэзія стваралася праз усё Сярэднявечча, а найбольш выбітным творам стала Боская камедыя Дантэ Аліг’еры. Вяршыняй росквіту хрысціянскай літаратуры стала контррэфармацыя. У той час Царква пачала забараняць ератычную літаратуру і філасофію. У 1559 годзе з’явіўся першы Індэкс забароненых кніг, у якім з цягам часу апынуўся шэраг выбітных пісменнікаў і паэтаў: Дантэ, Гётэ, Стэндаль, Вальтэр, Паскаль, Эміль Заля і іншыя. Варта падкрэсліць, што ў адрозненні ад Сярэднявечча, калі Царква выключала з інтэлектуальнага агляду тыя ідэі, якія лічыла фальшывымі і пагражаючымі, той перыяд не суправаджаўся ні знішчэннем прац, ані вынішчэннем іх аўтараў. Галоўнай мэтай было проста абмежаваць Царкву ад небяспечных для яе ідэй.

Творы, якія крытыкаваліся Царквой

[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая Царква ў беларускай літаратуры

[правіць | правіць зыходнік]

Каталіцкая Царква займае значнае месца ў беларускай культуры. Нягледзячы на тое, што першыя выбітныя беларускія пісьменнікі, такія як Кірыла Тураўскі, Францыск Скарына, Васіль Цяпінскі, Сымон Будны, былі праваслаўнымі або пратэстантамі, вялікі ўплыў на мову і літаратуру аказвалі творы рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) дзеячаў. Першым друкаваным па-беларуску каталіцкім выданнем стаў Катэхізіс (Вільня, 1585), які падрыхтавалі і выдалі езуіты. Паколькі езуіцкія перакладчыкі не мелі права ўжываць царкоўнаславянскую тэалагічную мову, то для гэтага ім трэба было фактычна ўпершыню распрацаваць беларускую тэалагічную тэрміналогію, што і было імі зроблена[9]. Вялікую ролю адыгрывалі грэка-каталіцкія дзеячы.

Да ўніяцкіх твораў XVIII ст. можна аднесці два рэлігійных вершы, напісаных у барочным стылі, аўтарства якіх належыць, хутчэй за ўсё, Дамініку Рудніцкаму. У адным з іх — «Валедыкцыя» («Вітанне») апавядаецца аб прыездзе ў Вільню каталіцкага саноўніка Крыштопа Шэмбека. Іншы верш прысвечаны прыезу ў Пінск да труны Андрэя Баболі валынскага біскупа Стэфана[10].

Адам Міцкевіч напісаў шмат вершаў пад уплывам Касцёла ў «IV парыжскім выкладзе». Каталіцкія матывы адыгрывалі істотную ролю ў такіх творах, як «Пан Тадэвуш», «Кнігі народу і пілігрымства польскага». У гэтых творах ён хваліў хрысціянскія і каталіцкія каштоўнасці.

З літаратурных твораў XX ст. можна прывесці творы каталіцкага паэта Каруся Каганца (Казіміра Кастравіцкага), які адзін з першых, крыху раней за Янку Купалу, а затым і разам з ім, імкнуліся данесці да беларусаў вершаванае слова пра Бога на роднай мове.[11].

Каталіцкая Царква і мастацтва

[правіць | правіць зыходнік]
Анёл Міхаіл з Базілікі Св. Пятра ў Ватыкане

Ад глыбокіх вякоў хрысціянства з рэлігійнай інспірацыі паўсталі мастацкія творы. Пад рымскім уплывам хрысціянству патрэбна было прадставіць постаць Самога Ісуса, якога ўяўлялі ў вобразе Добрага Пастыра або немаўляткі разам з Дзевай Марыяй.

У сярэднявеччы сакральнае мастацтва было дамінуючай часткай усяго мастацтва. Усё часцей каля постаці Ісуса і Марыі з’яўляліся постаці святых Каталіцкай Царквы. Характарастычнай рысай быў падыход да фрэскі: мастак ствараў яе «на хвалі Бога» і для Бога ў першую чаргу, а потым ужо для людзей. Можна заўважыць, што на большасці гатычных пабудоў ёсць старанна выкананыя дэталі, якія не магчыма, аднак, разглядзець без таго, каб залезці на дах.

У час Рэнесансу звяртанне да матэрыяльнай культуры даліа крок для новага развіцця мастацтва, на гэты раз ужо не толькі сакральнага. Папы станавіліся мецэнатамі такіх творцаў, як Рафаэль Санці, Франчэска Бараміні, Леанарда да Вінчы. Аднымі з найвялікшых мецэнатаў былі Аляксандр VI і Юлій II. У Лацінскай Амерыцы каталіцкія місіянеры прычыняліся да знішчэння тамашніх культур. Знішчаліся, напрыклад, выявы мясцовых багоў. Але некаторыя элементы мясцовага мастацтва ўвайшлі ў хрысціяскае мастацтва: так з’явіўся шэраг лакальных твораў абедзвюх культур.

Падчас контррэфармацыі Каталіцкая Царква натхніла з’яўленне новага стылю ў архітэктуры і мастацтве — барока. Барочныя Касцёлы мусілі прыцягваць да сябе вернікаў сваім багаццем, што адрознівала іх ад сціплых пратэстанцкіх цэркваў. Адначасова гэта спыніла існаваўшы ў папярэдняй эпохе звычай да паказвання чалавечага цела, і на рэнесансных фрэсках закрываліся пэўныя нагія месцы.

У пазнейшых эпохах Царква далей звяртала вялікую на мастацтва, хоць колькасць фрэскаў, прысвечаных рэлігійнай тэме, мела значна меншы працэнт чым у даўніх стагоддзях. Акрамя традыцыйных формаў, з’яўляліся новыя — напрыклад фільмы, якія паказвалі той або іншы момант з Бібліі ці жыццё асоб, вызнаных за святых.

Крытыкі Царквы звяртаюць увагу на існаванне цэнзуры ў адносінах да твораў мастацтва. Крытыкі таксама заўважаюць, што мастацкія творы Царквы адносяцца ў першую чаргу да рэлігійных матываў і прытрымліваюцца пункту гледжання Царквы.

Нататкі Галілея, якія датычацца даследавання целаў вакол Юпітэра, апісанных у змешчынным у індэксе творы Sidereus Nuncius выданным у сакавіку 1610 года.

Каталіцкая Царква і навука

[правіць | правіць зыходнік]

Першыя ўніверсітэты, якія з’явіліся ў Еўропе па заняпадзе Рымскай імперыі, былі каталіцкія. Да каталіцкіх філосафаў належыць П’ер Абеляр, Святы Фама Аквінскі і Альберт Вялікі.

Некаторыя каталікі не былі прыхільнікамі развіцця навуковых тэорый. Гэта вынікала з таго, што некаторыя пазнанні часта датычыліся поглядаў на веру і дагматыку Царквы. Абаронца каперніянскай ідэі, прыхільнік пантэістычнай ідэі (якая па сутнасці абвяргала дагмат аб Святой Тройцы), а, магчыма, што і член сатанінскіх сект Джардана Бруна быў спалены ў Рыме на вогнішчы. Перад судом інквізіцыі таксама быў Галілей, які быў вымушаны адмовіцца ад сваіх поглядаў. Часам назіралася адмоўнае стаўленне і да тэхнічных навук. Так, у 1907 годзе Папа Пій X забараніў ужыванне ў касцёлах электрычнага святла.

Але час прынёс адыход ад спрэчкі тэалогіі з натуральнымі навукамі. Неабходнасць і магчымасць супрацоўніцтва веры і навукі сфармуляваў Папа Ян Павел II у энцыкліцы Fides et Ratio («Вера і Навука»). Праявай таго ёсць развіццё хрысціянскай філасофіі прыроды.

Каталіцкая Царква і тэорыя эвалюцыі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1950 годзе Пій XII у энцыкліцы Humani generis акрэсліў эвалюцыянізм як значную гіпотэзу, адзначаючы аднак, што род чалавечы паходзіць ад адной пары мужчыны і жанчыны. Ян Павел II пайшоў далей, сцвярджаючы ў пасланні да Папскай Акадэміі Навук у 1996 годзе, што новыя здабыткі навук кажуць нам, што тэорыя эвалюцыі не з’яўляецца чымсьці іншым, чым гіпотэзай.

Каталіцкая Царква ў свеце

[правіць | правіць зыходнік]

У 2002 годзе Каталіцкая Царква налічвала каля 1,098 млрд вернікаў[12], што прыблізна складае 18 % папуляцыі свету. Бяручы за крытэрыі колькасць верных, Каталіцкая Царква займае першае месца ў свеце [13].

У некаторых краінах назіраецца зніжэнне колькасці зарэгістраваных каталікоў, напрыклад у Францыі, Чэхіі, Германіі, дзе Каталіцкая Царква не можа аказаць уплыў на затрыманне вернікаў у сваім улонні. У гэтых выпадках пустуючыя касцёлы праз пакупнікоў пераўтвараюцца ў дыскатэкі, музеі, жылыя дамы, гатэлі, казіно і г.д.

Лічба каталікоў у свеце пастаянна ўзрастае за кошт ЗША, дзе павялічваецца колькасць імгрантаў з Лацінскай Амерыкі, а таксама ў Афрыцы і Азіі, дзе ў хуткім тэмпе павялічваецца лічба вернікаў і іншых хрысціянскіх канфесій.

У Германіі ад пачатку дзевяностых з Каталіцкай Царквы выйшла каля 1,5 мільёнаў вернікаў.

Адраджэнне Каталіцкай Царквы

[правіць | правіць зыходнік]

Хоць Каталіцкая Царква ў Заходняй Еўропе перажывае ўжо як шмат год крызіс нават у краінах, якія лічацца традыцыйна каталіцкімі: Іспанія і Ірландыя, Ян Павел II шматразова казаў аб магчымай «вясне Царквы», гэта значыць аб адраджэнні ў XXI стагоддзі разам з расчараваннем у матэрыяльных каштоўнасцях.

Падобны погляд прэзентуе, напрыклад, рух Новай Эры (англ.: New Age), прадстаўлены ім у антрапасофіі, паводле якой у бліжэйшых гадах расчараванне ў матэрыяльных каштоўнасцях будзе спрыяць узрастанню духоўнасці, але не толькі праз Каталіцкую Царкву, але і праз іншыя рэлігійныя формы.

У краінах былога СССР назіраецца ўзрастанне рэлігійнасці і рэлігійнай дзейнасці. Гэта датычыцца роўна як Праваслаўнай, так і Каталіцкай Царквы, бо ў гады камунізму многія цэрквы і касцёлы былі зачынены, нацыяналізаваны, заменены на музеі (у тым ліку «музеі атэізму»), а таксама на іншыя аб’екты: магазіны, прыбіральні, кінаклубы, спартыўныя залы. Нежаль, некаторыя былі нават разбураны.

Крытыка Каталіцкай Царквы праводзіцца з рэлігійных, філасофскіх, а таксама палітычных нагод.[14]

Крытыкуюць Царкву за адносіны да іншых рэлігій у сярэдневеччы, Рэнесансы і яго дзейнасць у Афіцыйным Свеце. Прадметам дыскусіі гісторыкаў — крытыкі адных і абароны іншых — ёсць пастанова і пазіцыя Папы Пія XII адносна Халакосту падчас Другой сусветнай вайны.

Паміж Каталіцкай Царквой і іншымі канфесіямі хрысціянства існуюць шмат спрэчлівых момантаў. Праваслаўныя тэолагі крытыкуюць Каталіцкую Царкву за дамінуючую ролю Папы, а таксама за тэалагічныя інавацыі, якія ўзніклі пасля 1054 года. Пратэстанты крытыкуюць Касцёл за адыход ад Бібліі.

Філасофская крытыка датычыцца галоўным чынам спрэчлівых дагматаў, якія адыходзяць ад разыяналізму і паварочваюцца ў бок фідэізму.

Палітычная крытыка датычыцца той ролі, якую адыгрывалі духоўнікі ў розных краінах — у адных краях надта вялікай, часам шкоднай, а ў іншых — надта маленькай.

  • Historia Kościoła katolickiego, t. 1—4, M. Banaszak, Warszawa 1986—92
  • Zarys dziejów religii, wydawnictwo Iskry, Warszawa, 1986, wydanie piąte, ISBN 83-207-0849-4, strony 658
  • Лозинский С. Г. «История папства». — Смоленск: Русич, 2004. — 464 с., ил. — (Популярная историческая библиотека) ISBN 5-8138-0509-5

Зноскі

  1. Pubblicati l'Annuario Pontificio 2021 e l'Annuarium Statisticum Ecclesiae 2019 (італ.). L'Osservatore Romano (25 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 25 March 2020. Праверана 29 March 2021.
  2. Marty, Martin E. (29 April 2021). "Roman Catholicism". Энцыклапедыя Брытаніка. Праверана 17 June 2021.
  3. Mark A. Noll. The New Shape of World Christianity (Downers Grove, IL: IVP Academic, 2009), 191.
  4. O’Collins, p. v (preface).
  5. Lumen gentium. www.vatican.va. Праверана 11 October 2020.
  6. Kronika Chrześcijaństwa, wydawnictwo Świat Książki, Warszawa, 1998, ISBN 7227-066-X, старонка 395
  7. Zarys dziejów religii, wydawnictwo Iskry, Warszawa, 1986, wydanie piąte, ISBN 83-207-0849-4, strony 640—642
  8. Энциклопедия для детей. Т. 6, ч. 2. Религии мира. — э68 М.: Аванта+, 1996. — 688с.: ил. ISBN 5-86529-044-4 старонка 417.
  9. Котлярчук, А. Швэды ў гісторыі і культуры беларусаў. — Мн.: Выдавецтва «Энцыклапедыкс», 2002. — 296 с. ISBN 985-6599-58-X ст. 157—159
  10. Хрысьціянская Думка № 3, 1993 г., (214) с. 83-87
  11. Хрысціянская Думка № 2, 1993 г., (213) с. 15-33
  12. dane wg Statistical Yearbook of the Church
  13. Largest Religious Bodies (en) Архівавана 5 кастрычніка 2013.
  14. Паўстала вялікая колькасць крытычных прац у адносінах да Каталіцкай Царквы. Да іх адносяцца працы Карлгейнца Дэшнера i Ежы Пракопіўка.